ФАТАГРАФІ́ЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ, фотаматэрыялы,
матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца ў фатаграфіі і кінематаграфіі для атрымання фатагр. відарысаў. Да іх адносяць святлоадчувальныя матэрыялы, фотарэактывы для іх апрацоўкі і дапаможныя матэрыялы.
Фотарэактывы служаць для пераўтварэння скрытага фатагр. відарыса ў бачны, а таксама для паляпшэння якасці бачнага відарыса. Для гэтага выкарыстоўваюць праяўляльныя (гл. Праяўленне фатаграфічнае), замацавальныя (гл. Замацаванне фатаграфічнае) і дубільныя (гл. Дубленне ў фатаграфіі) рэчывы. Да дапаможных матэрыялаў адносяць спец. святло- і вільгацеахоўную паперу для ўпакоўвання святлоадчувальных Ф.м., кляі для склейвання кінаплёнкі і наклейвання фотапаперы на інш. матэрыялы, спец. лакі для аховы відарысаў на розных матэрыялах (кераміцы, метале і інш.) ад уздзеяння атмасферы і інш., шкодных фактараў.
Літ.:
Дьяконов А.Н. Химия фотографических материалов. М., 1989.
т. 16, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)